Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Аналіз палемічнай літаратуру канеца ХVI - пачатка XVII ст.

Ноя/10

04

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Да палемічнай літаратуры адносяцца памфлеты, звароты, адкрытыя лісты, трактаты, адозвы і іншыя віды творчасці, тэматычна звязаныя з актывізацыяй палемікі вакол пытання пра аб'яднанне царквы і касцёла пад вяршынствам папы рымскага, так званай ідэі ўніі. Літаратурная палеміка пачалася пасля выхаду кнігі Бенядзікта Гербеста "Указанне шляху", у якой ставілася пытанне аб неабходнасці царкоўнай уніі з Рымам у інтарэсах праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага. Гэту ідэю падхапіў і развіў вядомы рэлігійны і палітычны дзеяч Пётр Скарга, які імкнуўся даказаць, што сапраўднае веравызнанне ідзе ад рымска-каталіцкай царквы — пераемніцы і носьбіта апостальскіх традыцый. Адказам на выказванні П. Скаргі сталі ананімныя творы "Пасланне да латын з іх жа кніг", "На багамерзкую на паганую лаціну", шматлікія памфлеты. іх аўтары выступалі ў абарону праваслаўнай царквы, узнімалі вострыя сацыяльныя праблемы таго часу, праяўлялі заклапочанасць жыццём селяніна, выказваліся за права народа мець свае погляды ў пытаннях рэлігіі. Актывізацыя палемічнай літаратуры пачалася пасля Брэсцкай уніі 1596 г., паводле якой праваслаўная царква прызнала вяршэнства папы рымскага і прыняла сімвал веры ў каталіцкім разуменні, але захавала сваю мову богаслужэння і сваю абраднасць. У абарону ўніі акрамя вышэй названага П. Скаргі выступіў сенатар Рэчы Паспалітай Уладзіміра-Брэсцкі епіскап іпацій Пацей. Ён таксама трактаваў унію як праяўленне бескарыслівай апекі папы рымскага над занядбалым праваслаўным людам. Супраць уніяцтва паўсталі царкоўныя дзеячы Стэфан Зізаній, Хрыстафор Філалет і Лявонцій Карповіч, якія сцвярджалі, што ўнія была абумоўлена своекарыслівай палітыкай католікаў і вышэйшага праваслаўнага духавенства, іх мэтай было дамагчыся матэрыяльных выгод, рэлігійных прывілеяў, палітычных правоў. Апаненты ўніі падкрэслівалі, што знявага інтарэсаў праваслаўнай апазіцыі можа прывесці да класавага антаганізму, адстойвалі традыцыі і культурныя дасягненні ўсходнеславянскіх народаў. Адным з яркіх прадстаўнікоў палемічнай літаратуры з'яўляўся грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч Мялецій Сматрыцкі (аўтар вядомых твораў "Антыграфі', "Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы", "Грамматікі славенскія правілное сінтагма" і інш.), які пад націскам жыццёвых абставін прайшоў складаны шлях ад прызнання і абароны праваслаўя да яго адмаўлення. Прадстаўніком апошняга этапу ў развіцці палемічнай літаратуры быў Афанасій Філіповіч — змагар, барацьбіт, непахісны абаронца нацыянальных і рэлігійных правоў беларускага народа, аўтар вядомага "Дыярыўша". У жанравых адносінах "Дыярыўш" — сінкрэтычны твор, які спалучае рысы і асаблівасці публіцыстычна-палемічнай, гісторыка-мемуарнай і дакументальнай літаратуры. У склад яго ўвайшлі дарожныя і тлумачальныя запіскі, успаміны і дзённікі, легенды, містычныя прывіды і бачанні, пасланні, лісты, выкрывальныя прамовы, памфлеты, філасофскія трактаты, аўтабіяграфічны нарыс, а таксама вершы і нотныя запісы музыкі да іх. Са старонак "Дыярыўша" паўстае праўдзівы змагар, барацьбіт, ваяўнічы абаронца роднага краю, яго святы пакутнік. Ён выступае супраць пануючых у дзяржаве каталіцкай і ўніяцкай цэркваў, знешняй і ўнутранай палітыкі Рэчы Паспалітай, якая, блаславіўшы "праклятую ўнію", зрабіла ворагамі, сутыкнула "в князствах, поветах, в местах, в местечках і в селах селян з селянамн, мешчан з мешчанамі, жолнеров з жолнерамі, панов з подданымі, родічов з деткамі, духовных з духовнымі". "Дыярыўш" з'яўляецца адным з найбольш яркіх і значных помнікаў палемічнай літаратуры XVіі ст., у якім праўдзіва адлюстравалася барацьба беларускага народа за свае нацыянальныя і рэлігійныя правы, звычаі, традыцыі і культуру.