Мікола Гусоўскі. Рэферат
Мікола Гусоўскі
(каля 1480—1533)
Звестак пра жыццёвы і творчы шлях М. Гусоўскага мала. Нарадзіўся ў сям'і паляўнічага. Пачатковую адукацыю атрымаў на Беларусі, паглыбляў веды ў Вільні, Польшчы, Італіі. У1518 г. у складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі трапіў у Рым, дзе канчаткова сфарміравалася яго літаратурнае крэда. Пяру М. Гусоўскага належаць тры паэмы і адзінаццаць вершаў. Памёр каля 1533 г.
Кожны народ не без роду і племя і мае
Летапіс свой і гісторыі след на старонках.
М. Гусоўскі
Мікола Гусоўскі — наш славуты зямляк эпохі Адраджэння, сучаснік Францішка Скарыны. Сёння мы не ведаем дакладна, ні колькі жыў, ні калі памёр паэт. Не акрэслена пакуль што і месца на беларускай зямлі, якое дало свету геніяльнага чалавека, бо паселішчаў і рэк з назвамі Гусаў, Усава, Уса на Беларусі шмат. Адно несумненна: паэт з Гусава нарадзіўся на беларускай зямлі Вялікага княства Літоўскага.
Творчую спадчыну нашага земляка складаюць паэмы «Песня пра зубра» «Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпіне месяцы», «Жыццё і подзвіг св. Гіяцынта» і 11 вершаў, змешчаных у кракаўскім выданні зборніка «Песня пра зубра». Самы ўдалы твор М. Гусоўскага, якому былі суджаны доўгае жыццё і вялікая слава, — паэма «Песня пра зубра» (поўная назва «Песня пра постаць, дзікі нораў зубра і паляванне на яго»). Дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту паэта паэма стала песняй яго сэрца, гімнам бацькаўшчыне, паэмай жыцця зямлі «пад зоркай Палярнай».
Цудоўны высокапатрыятычны твор «Песня пра зубра» напісаны ўдалечыні ад радзімы (у 1522 г.) па просьбе папы Льва X, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў. Напісана паэма на лацінскай мове — на той час мове навукі, культуры, міжнародных зносін у Еўропе. На беларускай мове «Песня» з'явілася ў другой палове 60-х гг. у перакладзе Язэпа Семяжона. У 1994 г. чытач змог пазнаёміцца з новым варыянтам славутага твора ў перакладзе У. Шатона.
Паэма прасякнута любоўю паэта да роднага краю, глыбокім адчуваннем радзімы як месца адзінага і непаўторнага. «Думкай ляціш быстракрылай ноччу і днём на радзіму, — піша М. Гусоўскі, — у памяці сеці вабіш той час незабыўны, што некалі ў нетрах родных лясоў разгубіўся, і кліч — не даклічаш...» Аўтар замілавана любуецца пушчай, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва, захапляецца «дзівосным прыстанкам загадак і цудаў». Лес і прырода для паэта — «эліксір маладосці, бадзёрасці духу».
У беларускіх пушчах незлічоныя багацці, мноства звяроў, птушак, у нераст рыба кішыць не толькі ў рэках і азёрах, але і ў лужынах:
Нашы лясы — гэта нашых даброт і багацця невычарпальны калодзеж.
А як маляўніча ён іх апісвае! Хмаркі навіслі на «макаўках кронаў», ад ранняй вясны да позняй восені пушча напоўнена водарам кветак, спевам птушак. I гэтыя «скарбы свае нашы людзі на золата нават не прамяняюць».
Царом беларускіх лясоў і пушчаў з'яўляецца грозны і магутны асілак — зубр. Такіх магутных звяроў, піша аўтар, прырода захавала толькі пад зоркай Палярнай — у нас, на Беларусі. Зубр у паэме — алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго былой магутнасці. Надзелены незвычайнай сілай, зубр — звер міралюбівы, бяскрыўдны, калі яго не зачапіць, не патрывожыць. I ён люты, бязлітасны, калі абараняецца пры нападзе ворагаў. Паэт маляўніча апісвае зубрыны статак: тут адлюстраваны і стадны інстынкт, і вернасць у парах, якую можа парушыць толькі смерць, і скрытая сіла, і невычэрпная энергія, і магутнасць. М. Гусоўскі надзяляе зубра здольнасцю мысліць, чуйна рэагаваць на дабро і зло:
Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць звер, але ж ратні,
Ён прыэнас перамогу, здабытую чэсна,
— Сілай на сілу, у рожкі і мужнасць на мужнасць.
Безліч радкоў прысвячае паэт паляванню ў пушчы: зубр трапляе ў пастку, і на яго сыплецца цэлы град стрэл і коп'яў, упіваючыся ў цела і грыву; кроў сочыцца з яго, пеняцца ёю свежыя равы; вочы поўныя гневу; раз'юшаны звер доўга яшчэ бушуе, спрабуючы адпомсціць ворагам «і за кроў, і за раны, і за парушанае мірнае жыццё»; паступова сілы пакідаюць зубра; па звычаі двое юнакоў клінкамі дабіваюць яго. Страшнае відовішча! I паэт асуджае бессэнсоўнае знішчэнне зуброў, узнімае праблему беражлівых. адносін да прыроды.
Зубр у паэме параўноўваецца з адважным і смелым князем Вітаўтам, у час княжання якога Вялікае княства Літоўскае дасягнула небывалага росквіту.
Вітаўт паказаны ў паэме ў паўсядзённым жыцці. Ён высакародны, справядлівы, чулы, патрабавальны чалавек, жорсткі ў адносінах да злачынцаў і хабарнікаў. Воінская мудрасць дапамагала князю дасканала рыхтаваць будучых воінаў, прывучаючы іх да вернасці клятве, справядлівасці, бясстрашнасці: «Ох, не любіў баязліўцаў... і клятваадступнікаў-сведак». Найважнейшым вынікам дзейнасці Вітаўта, лічыць М. Гусоўскі, з'яўляецца тое, што «густа ён справамі век насяліў свой», і справы гэтыя прынеслі княству і багацце, і дастатак.
У паэме цудоўным чынам пераплятаюцца вобразы зубра, княая і народа. М. Гусоўскага да глыбіні душы хвалююць усе беды і пакуты беларусаў. Прычыну іх гаротнага становішча аўтар бачыць у тым, што князі і баяры, усе, хто мог бы заступіцца за простых людзей, глухія да іх «і не горай, чым жорсткі татарын, душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе». Гора і пакуты нясуць простаму люду і войны. М. Гусоўскі асуджае іх як сродак высвятлення адносін паміж людзьмі:
Войны! Злачынная справа — вайна выклікае Гнеў мой, і слёзы, і боль.
Ворагі (крыжаносцы, татара-мангольскія заваёўнікі) урываюцца на беларускія землі, агнём і мячом усталёўваюць свой лад, жорстка распраўляюцца з прыхільнікамі нашай веры, вынішчаюць мястэчкі і сёлы, не шкадуючы ні жанок, ні дзяцей. Там, дзе пройдуць варожыя войскі, застаюцца толькі «асмолкі ды печышчы, попел ды косці, зграі варон ды чароды сабак адзічэлых». Галоўную прычыну паражэнняў паэт бачыць у раз'яднанасці людзей, іх незгуртаванасці, таму і заклікае ўсіх князёў беларускай зямлі да аб'яднання, адкрыта асуджае міжусобіцы, братазабойствы:
Ад сваіх міжусобіц мы ўсе не дужэем, Нашы ж мячы падсяваюць і веру Хрыстову.
Заканчваецца паэма малітвай да Дзевы Марыі, у якой паэт просіць Маці Боскую спыніць забойствы і кровапраліцці, даць больш мудрасці і раўнавагі князям і ваяводам, супакою, ладу і шчасця свайму пакутнаму краю і народу.
М. Гусоўскі ў сваёй паэме не толькі апісаў зубрыныя ловы. Ён стварыў узнеслую песню пра беларускую зямлю, пра тое, чым яна багата, пра яе людзей, іх думы і пачуцці, пра прыроду, жывёльны свет гэтага цудоўнага краю. Гэта споведзь пра любоў і нянавісць, жыццё і смерць, вайну і мір. Паэма вучыць нас любові да роднай зямлі, да свайго народа, яго гісторыі, культуры, нацыянальных традыцый, любові і паваге да іншых народаў і іх культур. Паэма заклікае сумленна жыць, змагацца за справядлівасць і праўду, весці няспынную барацьбу за мір і свабоду, за святло і шчасце.
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад