Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Духоўнае багацце працоўнага чалавека

Авг/10

20

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Як вядома, Міхал і Антось — героі «Новай зямлі» — вобразы, якіх да Коласа яшчэ не ведала беларуская літаратура. Селянін, намаляваны паэтам, паўстае ва ўсёй сваёй духоўнай велічы і прыгажосці.

Міхал у паэме доўга шукае магчымасць стаць незалежным чалавекам. У пошуках хлеба ён «разоў са два хадзіў у прусы», г. зн. ганяў плыты на Нёман, і зрэшты «пайшоў на службу таўкануцца, бо дома недзе развярнуцца». А патрэбна было ўтрымліваць сям'ю. Міхал «як толькі ажаніўся, тады ж ад бацькі аддзяліўся».

Такім чынам, стаць лесніком у вядомага магната князя Радзівіла Міхала змусілі нястачы і беднасць. Міхал, яго брат Антось, жонка Ганна, дзеці з таго часу не належаць самім сабе («Наняўся, кажуць, як прадаўся»). Міхал не толькі ахоўвае лес, на ім яшчэ цэлы шэраг дадатковых абавязкаў. Ён «правіў» панскія сенакосы, «догляд меў за панскім статкам», патураў панскім капрызам. «Марцін з каморы» — гэты нястомны пасланец панскай волі — мог прыйсці да Міхала з загадам: «Злавіўшы рыбы, каб тады ж сам васпан вёз і да Нясвіжа». Пра адносіны старога ляснічага да Міхала сведчаць наступныя радкі з паэмы:

Стары ляснічы па-сваему
Цаніў Міхала, як служаку:
Ганяў усюды небараку,
Як бы скаціну тую нему.

Міхал вельмі адказна ставіўся да сваей працы, таму не любілі яго сяляне, якія не маглі без дазволу пайсці ў панскі лес:

Ён ведаў, як свае пяць пальцаў,
Ну, да мала ўсіх мікалайцаў.
Патрава здарыцца, пакража, —
Як бачыш, вызнае, дакажа
I дойдзе ўжо да галубочка,
Як бы на нітцы да клубочка.
Дык і не дзіва, што Міхала
У нас любілі вельмі мала.

Асабліва кепска стала служыць Міхалу, калі з'явіўся новы ляснічы, пан Ракоўскі. Для Ракоўскага асаблівым задавальненнем было прынізіць чалавека, аблаяць яго за нішто. Цярпець больш галоўны герой паэмы не можа. У ім абудзіўся чалавечы гонар, пачуццё ўласнай годнасці. Аднойчы ён не сцярпеў лаянку Ракоўскага і адказаў ляснічаму. 3 гэтага моманту даўняя мара «купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут», стала для Міхала адзінай надзеяй у жыцці.

Увесь змест «Новай зямлі» падпарадкаваны паказу, раскрыццю духоўнага багацця чалавека працы. Гэтым паэт сцвярджае правы простага чалавека на лес, лепшы, чым у Міхала і яго сям'і. Чалавек працы ў Коласа — маральны крытэрый усяго, што ёсць у жыцці. Вось чаму героі твора паказаны ў паэме ў час працы і ў час адпачынку. Мы не можам не захапляцца ўзаемаадносінамі паміж Міхалам і Антосем, Антосем і пляменнікамі і інш. У сям'і пануюць дабрыня, любоў і згода. Менавіта на родных людзей разлічвае Міхал, калі вырашыў здзейсніць мару і купіць зямлю. Назбіралі з цяжкасцю патрэбныя грошы, і знайшоўся чалавек, які прадае надзел зямлі. Міхал і Антось вераць у свае сілы, у сваё уменне працаваць, таму іх не засмучае, што:

Зямля сапраўды неблагая,
Гаспадара ж яна не мае.

Аднак простая, на першы погляд, справа куплі зямлі аказалася невырашальнай. Надарваўшыся на цяжкай працы, Міхал памірае, так і не здзейсніўшы сваю мару. Апошнія яго словы звернуты да брата Антося:

— Антоська!.. родны мой! канаю...
Перагарэў, адстаў, знікаю...
Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін...
Як лепшы брат, як родны сын.

Вобраз дзядзькі Антося займае цэнтральнае месца ў паэме. Дзядзька, у свядомасці пісьменніка, узор маральнага чалавека, педагога. Як не прыгадаць, што ў маленстве Кастусь Міцкевіч захапляўся сваім дзядзькам Антосем, які ўмеў зацікавіць дзяцей розным! сялянскімі справамі, прывучыць да прыроды, да кнігі: менавіта ён падарыў пляменніку першую кнігу — байкі Крылова.

Мова дзядзькі Антося ў паэме яркая, афарыстычная, багатая на прыказкі і прымаўкі: «Вось быў шчупак — усім ім бацька», «няхай цябе затопчакачка», «к рабоце і на вяроўцы не зацягнеш» і інш.

Дабрыня, спагадлівасць дзядзькі Антося, умение паспачуваць чалавеку, дапамагчы яму паэтызуюцца ў творы. У гэтым, на думку аўтара твора праяўляецца духоўная сіла чалавека, якая дазваляе выстаяць нават у самыя трагічныя моманты жыцця.

«Новая зямля» — гэта не толькі твор аб трагічным шляху селяніна, што не мог здзейсніць сваю мару аб волі ў тых умовах, у якіх ён жыў. «Новая зямля» — гэта, адначасова, выдатны гімн чалавеку працы. Паэтызуючы селяніна, Я. Колас дэталёва малюе «каляндар» яго працоўнага жыцця. Нам дакладна вядома, як і чым жыве сям'я Міхала вясной, летам, восенню, зімой, у святы і ў будні.

Не вельмі шчодрае на радасці жыццё ў Міхала і яго сям'і. Але багатая душа ў гэтых людзей, і таму самыя простыя і няхітрыя радасці выглядаюць, як нешта надзвычай яркае. Згарэла ў Міхала «хата з варыўнёю», сям'я жыве ў зямлянцы. Але і гэта жыццё не выглядае безнадзейным. Паэт лаканічна зазначае, што «зазнала жалю гаспадыня» і што «дужа з горам спазнавалісь», і потым пераходзіць да апавядання пра штукарствы дзядзькі Антося, які ўмее пацешыць і сябе, і дзяцей вельмі простымі рэчамі, напрыклад наварыць клёцак з сокам.

Аптымізм народа, яго здатнасць быць моцным перад любой бядой выдатна паказаны ў «Новай зямлі». Усе радасці жыцця для герояў твора звязаны з працай і яе вынікамі, хоць яны добра ведаюць, як дрэнна і цяжка, калі праца абмяжоўваецца парадкам, пры якім даводзіцца жыць.