Водгук на верш Ніла Гілевіча "Адкажы!". Лінгвістычная арганізацыя тэксту
Мэта даследвання - паглыбленае вывучэнне арганізацыі тэксту адпаведна з
камунікатыўнай зададзенасцю.
Задачы даследвання:
- Вывучыць прынцыпы і метады лінгвістычнага аналізу тэкста;
- Выпрацаваць навыкі аналітычнага прачытвання з асэнсаваннем
сукупнасці інфармацыі, пададзенай у тэксце;
- Прааналізаваць залежнасць моўнай арганізацыі тэксту ад фактараў
экстралінгвістычнага парадку (гарызантальны і вертыкальны падтэксты);
- На падставе студэнцкіх апублікаваных матэр'ялаў вызначыць
правамернасць арганізацыі тэксту (сінхронны аспект);
Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны!
Адкажы - сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Адчаго так бяздумна, бязмоўна,
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так ус роўна,
Што аборай становіцца храм?
Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?
Што ў стагодзьдзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны!
Адкажы - сам сабе адкажы!
Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі
І канаў, і сыходзіў крывёй,
І жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.
Схамяніся ж, ачніся, агледзся!
Ды разваж, ды падумай як след:
Што пакінеш ты з поля ў налецце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў свет?
Ці ты верыш, што род твой бясплодны
І свой лёс прамяняў на чужы?
Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны!
Адкажы - сам сабе адкажы!
Гласарый вершу:
1. Абора - 1, - ы, мн. -ы, абор, ж. (уст.) - тонкія вяровачкі ў
лапцях, якімі абмотваюцца анучы.
Абора - 2, мн. -ы, абор, ж. (уст.) - хлеў для кароў, кароўнік.
(Словы маюць розныя значэнні, але супадаюць арфаграфічна і арфаэпічна і
з'яўляюцца амонімамі).
2. Рупна (прысл.) - рупны (руплівы), - ая, - ае. Яны імкнуцца зрабіць
як мага больш і лепш; дбайны, клапатлівы, старанны.
3. Вытраўляць - (травіць) - таптаць (лугі, палі), з'ядаць пасевы,
рабіць патраву;
4. Налецце (налета) - (разм.) - 1. Будучым летам, у будучым годзе. 2.
Месца для захавання насення, збожжа.
5. Збродні - (зброд) - людзі, каторыя належаць да разбэшчаных,
злачынных, антыграмадскіх элементаў.
6. Падступна - паступова, па крысе.
7. Схамянуцца - 1. раптам узгадаць што-небудзь, хутка заўважыць
недахоп, памылку. 2. Схапіцца.
Экстралінгвістычная сітуацыя верша Ніла Гілевіча "Адкажы!" абумоўлены
моўнай сітуацыяй, якая склалася ў краіне за апошнія некалькі стагоддзяў. З
1588 года падчас ўваходу Беларусі ў Вялікае Княства Літоўскае беларускае
мова пачала выкарытсоўвацца ў самых разнастайных грмадскіх сферах: у
законадаўстве, дзяржаўнай перапісцы, свецкай і рэлігійнай літаратуры, на
ёй вяліся казанні ў уніяцкіх царквах. ВКЛ было вялікай і магутнай
дзяржавай з высокаразвітай эканомікай, культурай, адукацыяй, навукай. З
Польшчай яна ўтварала федэрацыю, у якой наша дзяржава мела сваё
заканадаўства, дзяржаўны апарат, войска, дзяржаўную мову — беларускую.
Федэрацыя звалася Рэч Паспалітая. Яна была заваявана трыма манархіямі —
Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772,
1793 і 1795 гадах. Вялікае Княства Літоўскае аказалася пад уладай Расіі.
Польшча старалася апалячыць беларусаў, а Расія — русіфікаваць. У 1697
годзе польскім соймам была прынята пастанова, паводле якой у Вялікім
Княстве Літоўскім забаранялася ўжываць беларускую мову ў справаводстве
судоў і іншых устаноў. XVііі стагоддзе нашмат бяднейшае на беларускія
моўныя помнікі, з таго часу захавалася толькі невялікая колькасць
дакументаў, напісаных галоўным чынам на ўсходніх землях - некалькі твораў
рэлігійнага зместу, ананімныя вершы, "Катэхізіс" С. Буднага.
Расійскім урадам у 1820 годзе быў зачынены ўніверсітэт у Полацку, а ў
1832 годзе — езуіцкая акадэмія ў Вільні. У 1840 годзе было забаронена
карыстацца ў судах Літоўскім Статутам, напісаным на беларускай мове. Назоў
нашай Бацькаўшчыны — Літва — быў заменены на Паўночна-Заходні край.
Адначасова Масква пачала няўхільна называць Літвой толькі балцкую Жмудзь,
за якой гэта назва і замацавалася. У 1867 годзе расійская ўлада
забараніла ўсякі друк на беларускай мове.
У 1933 годзе была праведзена «рэформа» беларускага правапісу і граматыкі —
з мэтаю наблізіць беларускую літаратурную мову да рускай. У Заходняй
Беларусі, якая аказалася пад Польшчай, у 1920 годзе было больш за 500
беларускіх школ, а ўжо ў 1925 годзе не засталося ніводнай. Былі зачынены
беларускія настаўніцкія семінарыі. У 30-х гадах фізічна была знішчана
бальшавікамі беларуская інтэлігенцыя, асабліва пісьменнікі і дзеячы
беларускай культуры, а ў пасляваенныя гады, асабліва ў перыяд
брэжнеўшчыны, масава закрываліся беларускія школы, без рэферэндумаў, згоды
бацькоў і дзяцей праводзілася татальная русіфікацыя нацыі. Згодна з
рэформай 1933 г. у беларускую мову было ўведзена ля трыццаці фанетычных і
марфалагічных асаблівасцяў, чужых нашай мове. Паступова ў беларускую мову
пачаў уводзіцца расейскі слоўнікавы матэрыял. Уводзіліся марфалагічныя,
сінтаксічныя і фразеалагічныя асаблівасці рускай мовы. Не ўжываліся словы
тыпу «дэнацыяналізацыя», «асіміляцыя», «русіфікацыя» і г.д.
Пры дапамозе жыварэзання мовы спрабавалі зрабіць беларускую мову бляклай
копіяй рускай. Копія заўсёды горшая за арыгінал, а таму ад яе адмаўляліся.
«Зліццё» і «прыпадабненне» моваў прывяло да росквіту моўнае хімеры —
«трасянкі». У ёй беларуская і руская мовы перамешваюцца да
непазнавальнасці. З часам «пазычанае» пачынала ўспрымацца як сваё, а сваё
выштурхоўвалася з мовы.
Аўтар верша звяртаеецаа да беларусаў з просбай адказаць самаму сабе,
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Бо нацыянальную самасвядомасць трэба ў першую чаргу абудзіць у сабе, бо
чалавек не мае права патрабаваць павагі да сваёй мовы ад іншых, пакуль сам
не пачне паважаць і шанаваць яе, пакуль не пераканае сябе ў тым, што ён
беларус, і што ён сам ня мусіць саромецца сваёй мовы. На працягу вякоў
нацыянальная самасвядомасць генетычна ўстаранялася, таму і зрабілася
другараднай. Тое, што аўтар пытаецца, чым жа родная мова зрабілася
беларусу непрыгоднаю тлумачыцца сённяшняй сітуацыяй у грамадстве, дзе з
беларускай мовы робяць экзотыку, і чалавек, які шчыра імкнецца размаўляць
па-беларуску ў штодзённым жыцці, сутыкаееца з непаразуменнем і для яго
робіцца немагчымым рэалізавацца альбо нейкім чынам уладкавацца ў жыцці.
Беларускую мову аўтар называе скарбам, бо мова - гэта невычэрпнае багацце
краіны, якое хавалася ад народа ў Рэчы Паспалітай, у Царскай Расіі, у
савецкія часы.
Аўтар папракае беларуса, што тое, што той бяздумна (абсалютна не
карыстаючыся розумам) і бязмоўна, падпарадкоўваючыся таму ладу жыцця, які
ўсё жыццё яму навязвалі, без пратэсту выракаецца роднай мовы. Мова
ставіцца на адну дошку з маці і радзімай, з тым, што можа быць для
чалавека самым дарагім, бо выракчыся можна толькі нечага самага дарагога.
Хоць верш быў напісаны ў 1980 годзе, але на сённяшні дзень з'ява выракання
народам роднай мовы вельмі актаўальная, аб чым сведчыць рэферэндум 1996
года, калі народ добраахвотна згадзіўся паставіць беларускую мову на адзін
узровень з рускай.
Асаблівую пазіцыю займае ў вершы слова "брат", якое мае парадыгматычныя
здольнасці і сваю сінтагматычную рэалізацыю:
Брат - 1. Сын у адносінах да другіх дзяцей гэтых жа бацькоў.
2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы,
класавых інтарэсаў, становішча.
3. Форма сяброўскага звароту да мужчыны (разм.).
4. Член рэлінійнай секты, абшчыны, манах (звычайна ў звароце).
У вершы слова брат сінтагматычна рэалізуецца ў другім значэнні. У пэўных
выпадках пры дапамозе класічнай формы перадаюцца аддценні фамільярнасці,
сяброўскай грубаватасці і непасрэднасці. Памяншальныя суфіксы могуць
надаваць словам розныя экспрэсыўныя аддценні: павага, ласкальнасць.
(Братка, братачка). Суфіксы суб'ектыўнай ацэнкі назоўніка часта не маюць
значэння памяншальнасці альбо павелічальнасці, што значыць, што яны
звязаныя не з колькаснымі паказчыкамі прадметаў і з'яў, а з разнастайнымі
якаснымі іх асаблівасцямі.
Вялікае значэнне ў дадзеным тэксце мае лексічны паўтор комплексу звароту.
Ён стварае кальцо страфы (сказ пачынаецца і заканчваецца аднымі і тымі ж
словамі). Капазіцыйны стык - паўтарэнне ў пачатку новай страфы словаў,
якія заканчваюць папярэдні сказ.
Па сваёй структуры верш уяўляе сабой комлекс рытарычных пытанняў. Паводле
азначэння, рытарычнае пытанне - гэта пытальны сказ, які выражае
сцьвярджэнне або адмаўленне і не патрабуе адказу. Ужываецца як прыём
стварэння ўрачыстых, узнёслых паэтычных тэкстаў. У вершы рытарычнае
пытаннне рэалізуе экспрэсіўную функцыю ўздзеяння на свядомасць чытача,
спробу ўплыву на яго думку.
Загаловак верша мае напрыканцы клічнік, што ўвогуле, даволі рэдкая з'ява
для загалоўка. У даддзеным выпадку яго можна разглядаць як форму загаднага
ладу. Аўтар не проста патрабуе адказу на свае пытанні, а выказвае сваё
абурэнне і незадаволенасць моўнай сітуацыяй у краіне. Ідзе графічная
рэалізацыя экспрэсіўнасці загалоўку.
Прадметам размовы ў вершы зьяўляецца беларуская мова. Хаця само слова
"мова" у вершы было ўжыта толькі адзін раз, для яго ў вершы існуе цэлы рад
кантэкстуальных сінонімаў: скарб, душа, абора, храм, давер, усходы, лёс,
крыж.
Цэнтральную пазіцыю ў вершы займаюць кантэкстуальныя супастаўленні:
І чаму табе так ус роўна,
Што аборай становіцца храм?
абора - храм
Што ў стагодзьдзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
збродні - крыж.
Паводле прынцыпу ўзроўневага прыкладу да аналізу тэксту вылучаецца
фанетычная яго арганізацыя - асананс, як марфалагічная асаблівасьць -
форма загаднага ладу. Тэкст вельмі адметны і сінтаксічна - ён цалкам
быдуецца на пабуджальных сказах з клічнікамі і рытарычных пытаннях.
У вершы можна таксама вылучыць гарызантальны і вертыкальны кантэксты.
Паводле гарызантальнага кантэксту аўтар патрабуе ад беларуса тлумачэння
яго абыякавасці да роднай мовы. Паводле вертыкальнага - паўстае
гістарычная карціна генетычнага выкаранення нацыянальнай свядомасці
беларусаў.
Прагматычная функцыя вершу ў першую чаргу пабуджальная, а потым ужо
эмацыянальная. Аўтар паказвае сваё абурэнне моўнай сітуацыяй у Беларусі,
імкнецца прымусіць сваіх суачыннікаў задумацца над лёсам сваёй мовы.
Паводле камунікатыўнай зададзенасці верша Ніла Гілевіча "Адкажы!" можна
прапанаваць паралельны тэкст - верш Пімена Панчанкі "Родная мова":
Кажуць, мова мае дажывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон свістальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: "Не трэба!"
Адрачэцца ад мовы народ, -
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Апусціце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі;
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень - з казкамі снежных аблокаў,
Люты - шчодры і сіні мароз,
Сакавік - з сакатаннем і сокам,
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік - час маланак і ліўняў,
Травень - з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень - з ягаднаю зарой,
Ліпень - з мёдам,
З пшаніцаю жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай крынічкай,
Лаістапад - залаты лістапад,
Снежань - першы густы снегапад…
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю -
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.
1964
Верш Ніла Гілевіча "Адкажы!" мае ўсе прызнакі публіцыстычнага тэксту:
лозунгавы характар, наяўнасць клічных канструкцый, рытарычныя пытанні,
тэзісны характар выкладння думкі. Акрамя таго тэкст вельмі актуальны, хаця
быў напісаны ў 1980 годзе, але не згубіў сваю актуальнасць і на сённяшні
дзень. Афіцыйныя вынікі перапісу насельніцтва 1999 г., распаўсюджаныя ў
сродках масавае інфармацыі, засведчылі, што беларускую мову назвалі сваёй
роднай 82% грамадзянаў Беларусі, што на 4% вышэй за паказчык перапісу 1989
году. Як вядома, перапіс меў месца ва ўмовах татальнае русіфікацыі, якая
мэтанакіравана праводзіцца апошнія 5 гадоў. Сёння беларуская мова фактычна
выцесненая з усіх сфераў ужытку. Афіцыйныя беларускія ўлады свядома
фармуюць грамадскую думку, што Беларусь ёсць часткаю Расіі, а беларусы —
не самастойная нацыя, а прыдатак рускай.
Літаратура:
1. Малажай Г. М. Лінгвістычны аналіз тэксту. Мн., 1982
2. Цікоцкі М. Я. Сугучнасць слоў жывых. Мн., 1981
3. Лінгвістычны аналіз тэксту. Матэрыялы семінара. Мн., 1975
4. Лемешаў І. Я. Лінгвістычны аналіз літаратуранга твора. Мн., 1981
5. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1979
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад